Акупацыя Беларусі. Устанаўленне “новага парадку”

Акупіраваўшы Беларусь, гітлераўцы ўстанавілі на яе тэрыторыі так званы “новы парадак”- рэжым крывавага тэрору , жудасных здзекаў і гвалту над насельніцтвам. Гэта быў загадзя распацаваны, абдуманы і мэтанакіраваны план ганацыду, знішчэння людзей,ліквідацыі савецкага грамадства і дзяржаўнага ладу, рабавання нацыянальных багаццяў і прыродных рэсурсаў. Акупацыйны рэжым з’яўляўся сродкам правядзення ў жыццё злачыннай палітыкі германскага фашызму ў адносінах заваяваных тэрыторый і народаў.

Ідэалагічнай асновай гэтай палітыкі былі чалавеканенавісніцкія тэорыі нацыстаў аб “расавай перавазе” нямецкай нацыі над іншымі народамі,неабходнасці пашырэння “жыццёвай прасторы” для немцаў, “права” на сусветнае панаванне “трэцяга рэйха” і г.д.

Беларусь за сваю шматвяковую гісторыю не адзін раз станавілася ахвярай іншаземных захопнікаў. Але такой жорсткай акупацыі,як гэта было ў апошнюю вайну, яна яшчэ не ведала. На захопленай тэрыторыі Савецкага Саюза, у тым ліку БССР,фашысты адкінулі ўсе міжнародныя прававыя нормы, дзейнічалі так, быццым бы гэта тэрыторыя ўжо зяўлялася неад’емнай часткай Германіі.

Згодна з так званым генеральным планам “Ост”, фашысцкія захопнікі меркавалі пакінуць у Беларусі да 25% мясцовага насельніцтва для анямечвання і выкарыстання ў якасці рабочай сілы. Астатняе насельніцтва належала знішчэнню і прымусоваму высяленню.

Практычна мерапрыемствы па ўсталяванню “новага парадку” былі выкладзены ў “інструкцыі” аб асобных абласцях да дырэктывы № 21 (“план Барбароса”), выдадзенай 13 сакавіка 1941г., у шэрагу іншых дакументаў, якія яскрава сведчаць аб тым, што гітлераўцы старанна і загадзя рыхтаваліся да ажыцяўлення сваёй злачыннай акупацыйнай палітыкі. Выступаючы ў Стаўцы на нарадзе вышэйшых службовых асоб фашысцкай Германіі 16 ліпеня 1941 г., Гітлер заявіў, што савецкія тэрыторыі павінны быць навечна далучаны да рэйха.

Была вызначана структура ваенных, паліцэйскіх і цывільных акупацыйных улад, канкрэтызаваны метады “кіравання” акупіраванымі савецкімі землямі. Гітлераўцы перш за ўсё ліквідавалі савецкі дзяржаўны лад, перакрэслілі тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, увялі свой адміністрацыйны падзел. Так, тэрыторыі Віцебскай, Магілеўскай, амаль усёй Гомельскай, усходніх раёнаў Мінскай і некалькі раёнаў Палесскай абласцей былі аднесены да так званай “вобласці армейскага тылу” групы армій “Цэнтр”. Улада на гэтай террыторыі знаходзілася ў руках ваенных і паліцэйскіх органаў. Вышэйшым органам вермахта на гэтай тэррыторыі быў штаб тылу группы арміі Цэнтр”.

Паўднёвыя раёны Гомельскай, Палесскай, Пінскай і Брэсцкай абласцей з абласнымі цэнтрамі Мазыр, Пінск і Брэст былі далучаны да так званага рэйхскамісарыята “Украіна”, мяжа ягога праходзіла прыкладна за 20 км на поўнач ад чыгункі Брэст-Гомель.
Беластоцкую, паўночныя раёны Брэсцкай, частку раёнаў Баранавіцкай абласцей гітлераўцы ўключылі ў склад Усходняй Прусіі. Паўночна-заходнія раёны Вілейскай вобласці былі далучаны да генеральнай акругі “Літва”.

У склад, уласна, Беларусі, ці, як яе акупанты называлі, “генераль-бецырк Вайсрутэнінэс” (генеральная акруга Беларусь), было уключана 68 раёнаў з агульнага ліку 192 сельскіх і 9 гарадскіх раёнаў, што ўваходзілі ў склад БССР напярэдадні вайны. Агульная плошча яе складала прыкладна трэцюю частку тэррыторыі Беларусі з насельніцтвам 3,1 млн. чалавек (на 4.XII.1941г.). Гэтая тэррыторыя была ўключана ў склад рэйхскамісарыята “Остланд” з рэзідэнцыяй у Рызе і падзелена на 11 акруг (гебітаў): Баранавіцкую, Барысаўскую, Вілейскую, Ганцавіцкую, Глыбоцкую, Лідскую, Мінскую, Навагрудскую, Слонімскую, Слуцкую і г. Мінск. Вышэйшым органам тут з’яўляўся “генеральны камісарыят Беларусі”, якому падпарадкоўваліся гебітскамісарыяты, штатскамісарыяты (гарады) і артскамісарыяты (раёны). Генеральным камісарам быў прызначаны гаўляйтэр В. Кубэ.

Адміністрацыйны апарат у асноўным складаўся з нямецкіх грамадзянскіх служачых. У якасці дапаможных мясцовых устаноў акупанты стваралі гарадскія і раённыя ўправы на чале з начальнікам раёна або бургамістрам горада.

У воласці прызначаліся валасныя старшыні, а ў весцы – старасты. Работу раённых, валасных упраў і стараст вёсак накіроўвалі і кантралявалі спецыяльна прызначаныя шэфы – “камісары” , “каменданты”, “крайсляндвірты”, “зандарфюрэры” і г. д.

Узброенай апорай створанага фашысцкага рэжыму з’яўляліся акупацыйныя войскі вермахта – ахоўныя дывізіі. У 1941 г. на тэрыторыі Беларусі іх было 5. Яны вартавалі камунікацыі і іншыя ваенныя аб’екты, лагеры ваеннапалонных, вялі барацьбу супраць партызан і насельніцтва. Штабамі гэтых войск з’яўляліся палявыя і мясцовыя камендатуры, якія кантралявалі тэррыторыю акруговых камісарыятаў. Акрамя сіл вермахта для падтрымкі акупацыйнага рэжыму быў створаны вялікі паліцэйскі апарат.
Следам за перадавымі часцямі вермахта рухаліся аператыўныя групы рэйхсфюрэра СС Гітлера – айнзатцгрупы “Б” і “А”, якія ўчынялі крывавыя акцыі, і шляхам масавага забойства савецкіх людзей імкнуліся паралізаваць волю насельніцтва да барацьбы. Толькі аператыўная група “Б” за кастрычнік 1941 г. знішчыла ў Беларусі 37 180 чалавек. Да канца 1941 г. на яе тэрыторыі былі створаны пастаянныя акупацыйныя органы паліцыі бяспекі і СД.

Увогуле, каб утрымліваць у сваіх руках тэрыторыю захопленай Беларусі гітлераўцы вымушаны былі трымаць тут ваенна-паліцэйскія сілы колькасцю да 160 тыс. чалавек, не лічачы франтавых часцей, якія таксама выкарыстоўваліся ў барацьбе супраць партызан. Але і гэтага было недастаткова. У канцы лета – восенню 1941 г. гітлераўцы стварылі і накіравалі ў Беларусь некалькі ўзброеных прафашысцкіх, так званых “украінскіх” фарміраванняў і літоўскі батальён, якія выкарыстоўваліся для аховы камунікацый, барацьбы з партызанамі, а таксама ўдзельнічалі ў масавым знішчэнні яўрэйскага насельніцтва. Як сведчыць справаздача 12-га літоўскага батальёна, толькі за перыяд з 5 кастрычніка па 7 лістапада 1941 г. ім знішчана на тэрыторыі Беларусі звыш 43 тыс. чалавек. Ствараючы фашысцка-нацыяналістычныя фарміраванні, акупанты мелі не толькі ваенныя, але і палітычныя мэты. Яны разлічвалі ўбіць клін паміж народамі СССР.

Каб надаць больш арганізаваны і эфектыўны характар катаванням і вынішчэнню савецкіх людзей, гітлерайцы стварылі на тэрыторыі Беларусі сістэму канцэнтрацыйных лагераў і турмаў, дзе без суда і вызначэння тэрмінаў зняволяння знаходзіліся дзесяткі тысяч чалавек.

Месцы зняволення падзяляліся на лагеры смерці для ваеннапалонных (дулагі, шталагі, афлагі), для цывільнага насельніцтва (працоўныя лагеры СД, жаночыя лагеры, перасыльныя лагеры СС, штрафныя гета) і іншыя. Усяго на тэрыторыі Беларусі было больш 260 лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў. Самым буйным на часоваакупаванай тэрыторыі не толькі Беларусі, але і ўсяго СССР, з’яўляўся Трасцянецкі лагер смерці (каля Мінска), дзе было знішчана 206 500 чалавек. Гэта чацвёрты па колькасці ахвяр, загінуўшых ад фашыстаў, лагер пасля Асвенцыма, Майданэка, Трэблінкі.

На захопленай тэрыторыі панавала поўнае самавольства акупацыйных ўлад. Насельніцтва было пазбаўлена элементарных правоў. Паўсюдна вывешваліся загады і распараджэнні з пагрозамі пакарання растрэлам за выхад на вуліцу пасля ўстаноўленага уладамі часу, невыкананне ў тэрмін загадаў, за сувязь з партызанамі, за хаджэнне паблізу чыгункі і г. д.

Загады прыводзіліся ў выкананне з нямецкай пунктуальнасцю. Злачынствы акупантаў на Беларусі па сваёй масавасці і страшэннай лютасці не маюць сабе роўных у гісторыі.

З першых дзён акупацыі захопнікі рабавалі багацці Беларусі - сыравіну, прадукты харчавання, гатовую прадукцыю, культурныя каштоўнасці, імкнуліся звесці фізічна і духоўна савецкіх людзец да становішча рабоў. Сілай зброі яны за сімвалічную плату прымушалі працаваць на сябе, самавольна абкладвалі насельніцтва рознымі падаткамі і паборамі. За нявыплату падаткаў, асабліва за несваечасовую здачу сельскагаспадарчых прадуктаў, жывёлы, птушкі, вінаватых жорстка каралі.
Зразумела, што пры правядзенні акупацыйнай палітыкі, гітлераўцы павінны былі ствараць на месцах дапаможны адіністрацыйны і паліцэйскі апарат. Для гэтай мэты яны выкарыстоўвалі калабарантаў з ліку тых, хто з’яўляўся праціўнікам савецкага ладу, асоб былой польскай адміністрацыі, а таксама памагатых з ліку грамадзян, здрадзіўшых сваёй Радзіме.

Аднак, у асноўнай сваёй масе насельніцтва Беларусі сустрэла акупантаў вельмі насцярожана, бачачы сапраўдныя мэты захопнікаў.

Захады акупантаў. Палітыка генацыду

Правал гітлераўскага плана “бліцкрыга”, вымушаны пераход да вядзення зацяжной вайны, паглыблялі ваенна-палітычны і эканамічны грызіс Германіі, патрабавалі ад фашысцкага кіраўніцтва ўнясення пэўных карэктыў у планы выкарыстання патэнцыялу захопленых тэрыторый,у тым ліку Беларусі. У першую чаргу было вырашана адмовіцца ад прынятых летам 1941 г. мер па частковай гаспадарчай дэмабілізацыі і накіраваць прамысловасць Германіі і захопленых ёю тэрыторый на хуткае нарошчванее вытворчасці ўзбраенняў. Вялікая ўвага пры гэтым надавалася выкарыстанню матэрыяльных, людскіх рэсурсаў акупіраваных тэрыторый. Актывізацыя дзейнасці партызан прымушала фашыстаў узмацняць ахову камунікацый і ваенных аб’ектаў,на што патрабавалася вялікая колькасць людзей.

Аднак Гітлер лічыў паражэнне пад Масквой часовай з’явай і , разлічваючы на рэванш у летнім наступленні 1942 г. не прыняў гэтых прапаноў. 14 снежня 1941 г. ён заявіў Розенбергу, што не лічыць неабходным заклікаць іншыя народы да супрацоўніцтва , каб не даваць падстаў для будучых патрабаванняў.

У канцы кастрычка 1942 г. міністэрства Розенберга падрыхтавала нават мемарандум, дзе сцвяржалася, што марапрыемствы, разлічаныя на прыхільнасць насельніцтва ўсходніх тэрыторый у галіне палітыкі і эканомікі, пацярпелі банкруцтва. Была прапанавана праграма дзеяння акупацыйнага апарату ў новых умовах. Галоўныя яе ідэі заключаліся ў неабходнасці схаваць сапраўдныя мэты вайны, правесці шэраг палітычных мерапрыемстваў, якія станоўча ўздзейнічалі б на паводзіны насельніцтва. Да такіх мер было аднесена: агульнае паляпшэнне адносін, прыняцце законаў аб вяртанні прыватнай уласнасці яе былым гаспадарам, надзяленне сялян зямлёй, свабода веравызначэння, прапаванне насельніцтву пазітыўнай палітычнай праграмы.

Гэтае ж пытанне разглядалася ў снежні 1942 г. на палітычнай нарадзе ў Розенберга, дзе прагучала патрабаванне выкарыстання мясцовых сіл (“Расія можа быць пераможна толькі расіянамі”), вызначэння палітычнай мэты супрацоўніцтва, некаторых уступак насельніцтву ў гаспадарчай і культурна-асветніцкай справе. 15 лютага 1943 г. міністр прапаганды Гебельс накіраваў свайму ведамству інструкцыю, у якой гаварылася, што ўсе краіны Еўропы, не выключаючы ўсходніх, павінны бачыць у вайне свае інтарэсы, таму забаранялася надалей гаварыць і пісаць аб каланізацыі і эксплуатацыі ўсходніх тэрыторый, усяляк прапагандаваць іх будучае пад нямецкім кіраўніцтвам.
Палітычным мэтам нямецкіх захопнікаў адпавядала іх эканамічная праграма на часова акупіраванай савецкай, у тым ліку беларускай, зямлі. Яна праводзілася ў адпаведнасці з дырэктывамі па кіраўніцтву эканомікай ва ўсходніх абласцях (т. зв. “Зялёная папка”). У дырэктывах адзначалася,што зусім недарэчна думка аб тым, быццам акупіраваныя мясцовасці павінны быць магчыма хутчэй прыведзены ў парадак, а эканоміка адноўлена. Аднаўленне парадку павінна праводзіцца толькі ў тых абласцях, у якіх можна здабыць значныя рэзервы сельскагаспадарчых прадуктаў і нафты.

Аднак абставіны прымусілі акупантаў шукаць розныя шляхі для больш эфектыўных тэрыторый. Спярша боло вырашана выкарыстаць у гэтых інтарэсах існуючую калгасна-саўгасную сістэму, але вельмі хутка стала зразумела яе малая эфектыўнасць. 15 лютага 1942 г. быў выдадзены загад аб знішчэнні калгаснага ладу і аднаўленні на акупіраванай тэрыторыі прыватнай уласнасці. Гэты загад шырока рэкламаваўся як “зямельная рэформа”. Згодна з ім устанаўліваліся тры формы землекарыстання сялян: абшчынная(былыя калгасы), земляробчыя карпарацыі і індывідуальныя гаспадаркі. Па сутнасці, гэта нічога не мяняла. Былыя калгасы абвяшчаліся абшчыннымі гаспадаркамі, а саўгасы і многія буйныя калгасы – дзяржаўнымі маёнткамі. У заходніх абласцях Беларусі ўзаконьваліся аднаасобныя гаспадаркі. Ва ўсходніх абласцях перадача зямлі ў індывідуальнае карыстанне практыкавалася як мера заахвочвання памагатых і здраднікаў. У лютым 1943 г. быў выдадзены загад аб вяртанні нацыяналізаванай савецкай уладай маёмасці былым уладальнікам ,дазвалялася прыватнае валоданне кустарнымі майстэрнямі, кірмашамі і інш.

З чэрвеня 1943 г. выйшла дэкларацыя аб прыватнай уласнасці сялян, паводле якой селянін замест “права ўладнання” зямельным надзелам атрымліваў права ўласнасці на яго. Аднак , як паказала практыка, фашысты не спяшаліся перадаваць зямлю сялянам. У якасці дадатка да “дэкларацыі” на месцы рассылалася распараджэнне аб надзяленні зямлёй толькі пасля вызначэння заслуг перад уладамі.

Даная дэкларацыя не адыграла той ролі, якая ёй адводзілася. Беларускі народ у сваёй большасці не верыў акупантм, справядліва бачачы ва ўсіх гэтых мерапрыемствах карысць для акупантаў.

Не надта спадзеючыся на свае прапагандысцкія захады, фашысты паўсюдна ўзмацнялі жорсткі акупацыйны рэжым. Пры гэтым шырока выкарыстоўваліся метады неабмежаванага тэрору, фізічнага знішчэння насельніцтва, у першую чаргу яўрэяў , у адпаведнасці з планам “Ост”. На акупіраванай тэрыторыі Беларусі захопнікі стварылі цэлую сістэму масавага знішчэння савецкіх людзей у шматлікіх турмах, канцэнтрацыйных лагерах і лагерах смерці.

Акрамя лагера смерці каля вёскі М. Трасцянец, дзе сустрэлі свой апошні час сотні тысяч жыхароў Беларусі, і іншых месц (у тым ліку з Цэнтральнай і Заходняй Еўропы), з другога боку Мінска, у Масюкоўшчыне, гітлераўцы знішчылі 80 тыс. чалавек, у раёне Полацка – 150 тыс., Гомелі – каля 100 тыс., Віцебску – больш 90 тыс., Пінску- 59 тыс., Бабруйску- больш 44 тыс., Магілёве – 40 тыс., ля Броннай Гары Брэсцкай вобласці- 50 тыс., Маладзечна – больш 33 тыс., Баранавічах- 31 тыс., Брэсце – 27 тыс. чалавек… Масавае знішчэнне мірнага насельніцтва практыкавалася акупантамі з першых дзён вайны. Асабліва шырока яно вялося ў час карных экспедыцый, калі разам з людзьмі знішчаліся цэлыя вёскі. З набліжэннем лініі фронту да Беларусі, гітлераўскае камандаванне імкнулася правесці ў жыццё тактыку “выпаленай зямлі”, але актыўныя дзеянні партызан перашкодзілі гэтаму.

Калабаранты. Беларуская народная самапомач. Самаахова

Падчас вайны акупанты рабілі захады, каб абаперціся на пэўныя колы насельніцтва ці існуючыя дзяржаўныя іншыя структуры. У розных краінах некаторыя партыі, рухі, гаспадарчыя колы, сродкі прапаганды супрацоўнічалі з гітлераўцамі. Гэтая з’ява ў 1953 г. атрымала назву “калабарацыя”. Даны тэрмін характарызаваў рух той часткі французаў, якія падчас акупацыі хацелі працаваці над адраджэннем Францыі пры супрацоўніцтве з немцамі. У заходняй літаратуры вызначаецца калабарацыя палітычная, ідэалагічная, ваенная. Савецкі ваенна-палітычны слоўнік тлумачыць калабарацыю як здраду сваёй Радзіме і пераход на шлях супрацоўніцтва з ворагам. Нельга лічыць такое вызначэнне дакладным, яно аднабаковае. Калабарацыя – з’ява больш шырокая.

У калабарацыі на Беларусі выразна бачны тры састаўляючыя:

1. Беларускія сілы , якія былі ў апазіцыі да бальшавізму (да 1939 года пражывалі ў Заходняй Беларусі, Польшчы,Германіі, Чэхаславакіі і г.д.). У свой час яны зрабілі стаўку на гітлераўскую Германію,разлічваючы з яе дапамогай тварыць адраджэнне Беларусі. На правым фланзе гэтых сіл была так званая Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя (беларускія фашысты) на чале з Ф. Акінчыцам, якая была створана ў пачатку 30-х гадоў. Партыя мела свой орган-часопіс “Новы шлях”. Пасля захопу Германіяй Польшчы, калі стала відавочнай вайна з СССР, да супрацоўніцтва з немцамі сталі схіляцца прадстаўнікі іншых партый, арганізацый. Прапановы аб супрацоўніцтве паступілі ад І. Ермачэнкі, В. Захаркі, В. Гадлеўскага, Я. Станкевіча і г. д.

2. Тыя, хто жыў да вайны на тэрыторыі БССР і хто паверыў немцам ці іх супольнікам, свядома пайшлі да іх на службу.

3. Людзі, якія абставінамі лёсу апынуіся ў сувязі з першай ці другой групамі, або на службе ў акупантаў і былі пазбаўлены іншага выбару.

Першая група валодала пэўнымі ідэалагічнымі сродкамі і з’яўлялася своеасаблівым касцяком, вакол якога групіраваліся апошнія. Прадстаўнікі гэтай групы з дапамогай мясцовых кадраў выдавалі ў Мінску і іншых гарадах розныя прафашысцкія газеты і часопісы, супрацоўнічалі з прапагандысцкім апаратам генеральнага, акруговых камісарыятаў. Галоўнай мэтай іх дзейнасці было стварэнне з дапамогай захопнікаў “самастойнай Беларусі” пад эгідай гітлераўскай Германіі. У кастрычніку 1941 г. была створана так званая Беларуская народная самапомач (БНС), на чале якой стаў кіраўнік пражскага філіяла Беларускага камітэта самапомачы І. Ермачэнка. Рэйхскамісар генеральнай акругі Беларусі В. Кубэ зацвердзіў склад кіраўніцтва БНС, а таксама праграму яе дзейнасці. Галоўнай мэтай БНС было: “дапамагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага праследавання,дапамагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край… “. Пры кіраўніцтве БНС быў створаны Цэнтральны савет (Цэнтраль) з 10 чалавек. Членаў савета прызначаў і звальняў гаўляйтэр Кубэ. Раённыя і валасныя аддзелы БНС узначальвалі старшыні.

Гітлераўцы цвёрда трымалі ў сваіх руках кантроль над БНС, не дазваляючы ёй хаця б якой-небудзь самастойнасці, што было, аднак, не даспадобы яе кіраўнікам, якія марылі пераўтварыць арганізацыю ў орган беларускага дзяржаўнага кіравання. З гэтай мэтай кіраўнікі БНС настройвалі на стварэнні беларускіх узброеных ваенных атрадаў для барацьбы з партызанамі і на фронце, арганізацыі пры акупацыйных органах аддзелаў з ліку беларусаў і г.д. Аднак нямецкая палітыка, пакуль захопнікі атрымлівалі перамогі над савецкімі войскамі,не прадугледжвала стварэння на акупіраваных тэрыторыях якіх-небудзь нацыянальных дзяржаўных мясцовых структур.
І ўсё ж, ідучы насустрач патрабаванням калабарантаў, В. Кубэ 29 чэрвеня 1942 г. надаў Ермачэнку, шэфу БНС , званне Дарадчыка і Мужа даверу беларускага народа, прадстаўніком якога быццам з’яўлялася БНС. Адначасова ён абвясціў аб стварэнні беларускага “Вольнага корпуса самааховы”, а таксама дазволіў стварыць галоўную раду БНС у складзе 12 чалавек. Пры ёй утвараліся 13 ведамасных аддзелаў: адміністрацыйны, палітычны, вайсковы, школьны, аховы здароўя і іншыя з адпаведнымі падраздзяленнямі ў акругах. Фактычна быў створаны апарат,які мог у адпаведны час пераняць з нямецкіх рук кіраўніцтва краем. Акрамя гэтага ,былі арганізаваны Беларускае навуковае таварыства, прафсаюзы,беларускі судовы апарат.

Асаблівая ўвага надавалася корпусу Беларускай самааховы (БСА). Планавалася стварыць у кожным раёне адзінкі БСА ад роты да батальёна, усяго 3 дывізіі. Камандуючым БСА быў прызначаны І. Ермачэнка. Ён і створаны ім штаб распачалі кіруючую дзейнасць па стварэнню БСА, бачачы ў ёй правобраз будучага беларускага войска. Былі арганізаваны курсы па перападрыхтоўцы афіцэраў-беларусаў, праводзілася актыўная прапагандысцкая кампанія ў акругах. Справай БСА зацікавілася разведка партызан і польскай Арміі Краёвай,якія рабілі ўсё магчымае ,каб сарваць гэтае марапрыемства. Створаныя ў хуткім часе фарміраванні БСА падвяргаліся ўзмоцненай ідэалагічнай апрацоўцы і ваеннаму ўздзеянню з боку партызан. Да таго ж немцы не спяшаліся ўзбройваць гэтыя фарміраванні , у выніку яны лёгка разганяліся партызанамі. Восенню 1942 г. цікавасць акупантаў да гэтага марапрыемства стала слабець. Замест БСА яны вырашылі стварыць беларускія паліцэйскія батальёны на чале са сваімі прадстаўнікамі. Вясной 1943 г. гітлераўцы адмовіліся ад беларускай самааховы.

Актыўныя намаганні калабаранты прыкладвалі па рабоце сярод моладзі Беларусі. 22 чэрвеня 1943 г. В. Кубэ аб’явіў аб дазволе стварыць антысавецкую маладзёжную арганізацыю па тыпу гітлерюгенда, якая атрымала назву “ Саюза беларускай моладзі” (СБМ). Уступіць у яго мог любы беларус ад 10 да 20 гадоў, які даваў пісьмовыя доказы аб арыйскім паходжанні і жаданні служыць фашызму. Мэтай СМБ было аб’яднанне беларускай моладзі , выхаванне ў ёй нацыянальнай свядомасці,гатоўнасці змагацца за Беларусь,якая будзе “адноўлена” з дапамогай Германіі. У выніку розных сродкаў уздзеяння на моладзь,сярод якіх адной з галоўных была пагроза вывазу на прымусовую працу ў Германію і прыняцця розных рэпрэсіўных мер да бацькоў , у гэты “саюз” было залічана некалькі тысяч юнакоў і дзяўчат,галоўным чынам з заходніх абласцей Беларусі. Аднак поспехі Чырвонай Арміі на франтах вайны,узмацненне дзейнасці партызан, актыўная прапагандысцкая работа падпольных партыйных і камсамольскіх огранаў сярод насельніцтва спрыялі таму,што беларускі народ у цэлым адмоўна ставіўся да мерапрыемстваў акупантаў і іх памагатых.

Ул. ЯГОРЫЧАЎ,
кандыдат гістарычных навук.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
CAPTCHA на основе изображений
Введите символы, которые показаны на картинке.