Нацыянальная асаблiвасць беларускай мовы - кiрылiца

В предыдущем номере была опубликована статья, на которую сегодня мы публикуем первый отклик. 9 мая 2014 года, калі Рэспубліка Беларусь будзе адзначаць Дзень Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у сталіцы нашай Радзімы, горадзе-героі Мінску, стартуе Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай. Уся краіна ў Год гасціннасці рыхтуецца да гэтай маштабнай падзеі. Кожны з нас высока цэніць спорт за тое, што ён збліжае людзей, дапамагае лепш разумець адзін аднаго, гэта свайго роду форма народнай дыпламатыі, якая адкрывае новыя шляхі да супрацоўніцтва розных краін.

І вось у рамках падрыхтоўкі да візіту замежных гасцей, з мэтай палягчэння арыентавання па Мінску, у метрапалітэне акрамя назваў на беларускай мове з'явілася напісанне назваў станцый лацінскімі літарамі. Дакладней, напісаных «спрадвечна беларускай лацінкай». Аднак пры гэтым зніклі надпісы на рускай (другой дзяржаўнай) мове. Людзі заўважылі змены і сталі бурна абмяркоўваць у Інтэрнэце гэтую тэму. Многіх абурыла, што назвы станцый не пераклалі на англійскую мову, іншыя справядліва заўважылі, што надпісы ў метрапалітэне не маюць нічога агульнага з «беларускай лацінкай». З часам навукоўцы пайшлі яшчэ далей, прапанаваўшы ўсе тапонімы перадаваць аналагічным чынам. Ці можа такое становішча дапамагчы гасцям з замежжа лепш разумець беларусаў?

Давайце звернемся да гісторыі фарміравання беларускай мовы.

Беларуская мова – гэта ўсходнеславянская мова, якая ўзыходзіць да старажытнаславянскай мовы і племянных гаворак радзімічаў, дрыгавічоў і крывічоў, што існавалі яшчэ да фарміравання агульнай старажытнаславянскай мовы.

Канчатковае адасабленне старабеларускай мовы ад іншых усходнеславянскіх адбылося ў XIV стагоддзі, калі старабеларуская стала адной з асноўных моваў Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. І заснаваная яна была на старажытным славянскім алфавіце – кірыліцы.

Да канца XVI стагоддзя старабеларуская мова мела у Вялікім Княстве Літоўскім дамінуючую ролю, аднак затым, пасля з'яўлення на палітычнай карце Еўропы Рэчы Паспалітай, была паступова выцеснена польскай. Заняпад беларускай мовы ў афіцыйным справаводстве супаў са звужэннем яе ролі і ў іншых кірунках культурнага жыцця: спынілі друкаваць кнігі на беларускай мове, адукацыя вялася ў асноўным на польскай і лацінскай мовах. Кіраўніцтвам Рэчы Паспалітай на беларускіх землях планамерна праводзілася палітыка паланізацыі і акаталічвання.

З 1696 года польскі сойм афіцыйна забараніў беларускую і іншыя афіцыйныя мовы ВКЛ, якія працягвалі выкарыстоўвацца толькі пры вусных зносінах. Пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Аб'яднанне беларусаў з роднасным рускім народам у адзіную дзяржаву спрыяла таму, што самасвядомасць беларускага народа пайшла на ўздым, а гэта падрыхтавала неабходную глебу для фарміравання літаратурнай беларускай мовы. А пасля таго, як адбылася Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя, беларускі народ атрымаў права карыстацца беларускай мовай ва ўсіх сферах культуры і дзяржаўнасці.

Праўда, у XIX – пачатку ХХ стагоддзяў частка нацыянальнай інтэлігенцыі ўсё ж выкарыстоўвала «лацінку». Але потым свядома адмовілася ад яе. Вяртанне да кірыліцы азнаменавала важнейшы этап развіцця беларускага этнасу – пераход ад «краевости» і «крэсавасці» да ўсведамлення сябе паўнавартаснай і самастойнай нацыяй з багатым гістарычным мінулым.

У сучасным беларускім алфавіце 32 літары, ён быў складзены мовазнаўцам Браніславам Тарашкевічам, які з'яўляецца аўтарам «Беларускай граматыкі для школ», выпушчанай у 1918 годзе.

Прыхільнікі «беларускай лацінкі» у якасці аргументу кажуць, што большасць нашых суседзяў выкарыстоўваюць лацінскі алфавіт са сваімі нацыянальнымі асаблівасцямі, а турыст, перш чым ехаць у новую для сябе краіну, знаёміцца з элементарнымі асновамі яе мовы. Міжнародныя эксперты «падказваюць»: «Калі ў беларусаў ёсць свая мова, то дзеля культурнай разнастайнасці Еўропы варта папулярызаваць мясцовыя назвы геаграфічных аб'ектаў». Але дазвольце, спадары навукоўцы, нацыянальная асаблівасць беларускай мовы – кірыліца! Дык чаму ж для перадачы нашых назваў неабходна выкарыстоўваць польскі варыянт лацінкі?

Давайце запытаемся самі ў сябе, для якіх мэтаў прызначаны надпісы і ўказальнікі? Адказ відавочны. Для выразнага разумення і прастаты арыентавання. У першую чаргу, для замежных гасцей, бо для беларусаў існуюць надпісы на беларускай мове. І тут узнікае пытанне, каму спатрэбілася ўводзіць новыя надпісы на «беларускай лацінцы», калі яны і так зроблены па-беларуску? Атрымліваецца чыстая таўталогія.

У адным з анлайн-абмеркаванняў новай карты метро адна з неабыякавых чытачак напісала, што яе муж-англічанін зусім не разумее прапанаваны яму варыянт транслітарацыі. Так ён прамаўляе некаторыя назвы наступным чынам: «Ушад» (Uschod), «Уракка» (Uručča), «Хрусока» (Hrušaǔka) і гэтак далей. А паспрабуйце самі прачытаць, напрыклад, Park Čaliuskincaŭ! Той, хто не вучыўся па праграме Каліноўскага, звычайны прыезджы з іншага рэгіёну Беларусі, які бывае ў сталіцы не так часта, каб ведаць яе геаграфічныя назвы, ні за што не прачытае, што там напісана.

Мова – гэта сродак зносін паміж людзьмі. Яна заклікана дапамагаць нам лепш разумець адзін аднаго, збліжаць людзей, а не чыніць перашкоды. У сувязі з гэтым узнікае яшчэ адно важнае пытанне. Навукоўцы-філолагі кажуць, што па ўсіх агульнапрынятых моўных нормах тапонімы ніколі не перакладаюцца, а перадаюцца з дапамогай транслітарацыі. З гэтым можна пагадзіцца. Але дазволю сабе прывесці просты прыклад: адна справа, калі «плошча Леніна» – назва станцыі метро. Яна цалкам з'яўляецца тапонімам, таму разумна яе перадаваць лацінскімі літарамі спосабам транслітарацыі цалкам, як «ploshcha Lenina» або, нават, «plošča Lienina». Але іншая справа, калі назва самой плошчы – «Незалежнасці». У гэтым выпадку слова плошча абазначае, які менавіта геаграфічны аб'ект горада перад намі: гэта плошча, найменне якой (тапонім) «Незалежнасці». Дык чаму ж мы для аблягчэння арыентавання замежных грамадзян не павінны перакладаць, а перадаваць з дапамогай транслітарацыі, назоўнікі, якія ў цэлым абазначаюць абагульняючыя назвы геаграфічных аб'ектаў. Гэта, напрыклад, назоўнікі «вуліца», «плошча», «возера», «рака», «горад» і г.д. Чаму ўсё ж замест таго, каб пісаць «Nezalezhnastsi square» ці, няхай нават «Nezaliežnasci square», на ўказальніках пішуць «plošča Nezaliežnasci»?

Таксама трэба сказаць, што існуе некалькі варыянтаў транслітарацыі назваў з беларускай мовы. Я не буду ўдавацца зараз ва ўсе падрабязнасці адрозненняў паміж рознымі варыянтамі перадачы кірылічнага алфавіту лацінскім. Назаву толькі два: літару «Ш» можна перадаваць з дапамогай спалучэння літар лацінскага алфавіту «SH», а можна і так «Š», літару «Ч» - «CH» або «Č», літару «Ж» - «ZH» або «Ž», літару «Х» - «KH» або «CH», літару «Я» - «IA» або «JA» і г.д.

І вось чамусьці быў абраны другі, найменш распаўсюджаны варыянт транслітарацыі, варыянт лацінскага алфавіту, які выкарыстоўваецца нашымі суседзямі палякамі. Напэўна, на нейкім этапе група навукоўцаў, якія маюць дачыненне да нашай «пятай калоны», а таксама маюць уплыў у тапанімічнай камісіі, скарысталася гістарычнай неадукаванасцю некаторых чыноўнікаў і здолела надаць законны статус такому варыянту перадачы лацінскімі літарамі геаграфічных назваў. Пры гэтым, як мне здаецца, ніхто нават не задумаўся аб тым, што гэта з'ява носіць адценне каланіяльнага характару.
Шэраг публікацый, якія выказваюць пярэчанні з нагоды выкарыстання так званай «беларускай лацінкі» пры перадачы назваў геаграфічных аб'ектаў, той жа інфармацыйны партал TUT.BY ўжо паспрабаваў ахрысціць палітыкай «русіфікацыі».

Але трэба сказаць, што адразу ж пасля з'яўлення новай карты метро з «беларускай лацінкай» усё тыя ж апазіцыйныя сайты, мабыць не ўлавіўшы моманту, застракацелі загалоўкамі аб тым, што госці з замежжа не могуць нічога прачытаць у мінскім метрапалітэне. Так з'явіліся відэасюжэты з удзелам замежных гасцей на сайце «Наша ніва», «Хартыя 97», «Беларускі партызан» і інш., якія пазней былі выдалены. Выдалілі іх тады, калі «пятая калона» змагла ўзгадніць свае дзеянні ў гэтым кірунку.

Паніку ў Інтэрнэце падняў Ігар Капылоў, старшыня Тапанімічнай камісіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і член такой жа камісіі пры Савеце Міністраў. На старонках адной з самых русафобскіх газет «Наша нiва» нехта доктар філалагічных навук, прафесар Валянціна Лемцюгова разрадзілася опусам «Не перавяліся яшчэ дзяржаўныя чыноўнікі, якім не дае спакою ўсё беларускае». Доктар філалагічных навук, напэўна ня ведае, што Ігар Карпенка, якога яна так крытыкуе ў гэтым артыкуле, разам з тым, што з'яўляецца гісторыкам па адукацыі, яшчэ і філолаг (англійская філалогія). Таму, шаноўная спадар прафесар, Ігар Карпенка разбіраецца ў тым, пра што кажа!

У сваім артыкуле Валянціна Лемцюгова дзівіць выслоўямі праўды пра «лацініцу», якую яна называе беларускай арыгінальнай формай тапонімаў. Мне здаецца, што прафесар ад мовазнаўства павінна ведаць, як гучалі назвы беларускіх гарадоў, напрыклад, у XVII стагоддзі. Для гэта дастаткова зазірнуць у Баркулабаўскі летапіс (складзены ў XVII ст.). Вось фрагмент летапісу, які апісвае стыхійныя бедствы, якія напаткалі заходнярускія землі: «А тот гнев Божий был и непогода, почавши от Менска до Полоцка к Витебску, до Орши, до Мстиславля, до Пропойска, до Рогачова, Могилева, Любошаны. Потом у Речицы, в Лоеве, в Киеве, аж на Волынь добрый врожай был». Як бачым, назвы гарадоў і мястэчак напісаны не проста на кірыліцы, а ўвогуле па-руску.

Адзінае, з чым можна пагадзіцца з Валянцінай Лемцюговай, дык гэта з тым, што тапонімы – гэта калектыўны твор карэннага этнасу краіны.

Разам з помнікамі старажытнага дойлідства, руінамі гарадзішчаў і замчышчаў мы атрымалі ў спадчыну ад папярэдніх пакаленняў і ўласныя геаграфічныя назвы – своеасаблівы летапіс нашай зямлі. Вось толькі паважаны прафесар забылася, што ў аснове беларускай пісьмовай культуры ляжыць кірыліца, а «традыцыйная беларуская лацінка», пра якую так дбае прафесар – гэта ўсяго толькі здабытак палітыкі паланізацыі!

Вось і атрымліваецца, што масціты навуковец супярэчыць сама сабе: «Историко-культурное наследие неприкосновенно и никто не в праве манипулировать народным достоянием», - кажа Валянціна Лемцюгова. Пры гэтым сама ж маніпулюе гэтым самым народным здабыткам!

Адназначна можна сказаць, што легалізацыя «лацінкі» не мае ніякага дачынення ні да прыцягнення турыстаў, ні да выгоды чытання замежнымі гасцямі беларускіх назваў. Прызнаў гэта нават адзін з тых самых «падбухторшчыкаў спакою» Ігар Капылоў. «Давайте смотреть правде в глаза», - сказаў ён у інтэрв'ю парталу TUT.BY. «Приедут к нам на чемпионат мира не из Америки и не из Австралии или Великобритании, к нам приедут, в основном, из Европы. Для большинства европейцев латинка с диакритическими знаками – это абсолютно нормально. Для того, чтобы освоить латинку, нужно знать всего несколько значков – выучить 7 букв. Я думаю, с этим можно справиться», - заявіў Капылоў.

Вядома, цалкам можна справіцца. А яшчэ, мабыць, лепш тэставаць замежных грамадзян на веданне беларускай мовы ў лацінскай транслітарацыі пры атрыманні візы. Можна яшчэ ўнесці і іншыя рацыяналізатарскія прапановы. Напрыклад, забяспечваць кожнага замежнага грамадзяніна, які перасякае межы сінявокай, аўдыёлекцыяй з тлумачэннямі усё таго ж Капылова.

Дарэчы, спадар Капылоў сам прызнаецца і ў тым, што ёсць некалькі варыянтаў перадачы кірылічнага алфавіту лацінскімі літарамі, што можна было выкарыстоўваць найбольш распаўсюджаны варыянт лацінскага алфавіту, без дыякрытычных знакаў.

Спадар вучоны памыляецца яшчэ і з вызначэннем арэала аматараў хакея. На чэмпіянат свету прыедуць заўзятары як раз з Амерыкі. Як вядома, хакей найбольш папулярны ў трох асноўных геаграфічных зонах: Паўночнай Амерыцы, Скандынавіі і Усходняй Еўропе. Асноўную масу заўзятараў увогуле складуць расіяне. І адсюль наступнае балючае пытанне: а дзе назвы на рускай мове? Справа не толькі ў прыезджых з двухгаловым арлом на пашпарце. Справа ў тым, што двухмоўе ў нашай краіне ніхто не адмяняў. Руская мова – другая дзяржаўная. Калі мы ўжо назвы станцый метро і вуліцы дублюем лацінскім алфавітам, то чаму б іх не напісаць па-руску?

Мы дакладна ведаем, што аўтарамі кірыліцы з'яўляюцца святыя Кірыл і Мяфодзій, што на кірыліцы пісалі Кірыла Тураўскі, Еўфрасіння Полацкая і Францыск Скарына, што на кірыліцы былі напісаныя Статуты ВКЛ. Што тычыцца невядома кім і калі вынайдзенай «беларускай лацінкі», якую В.Лемцюгова і І.Капылоў называюць: «важным духовным фрагментом и предметом гордости нации», - то пасля забароны беларускай і іншых афіцыйных моваў у Рэчы Паспалітай апалячаная шляхта ўжывала польскую лацінку. Але ж гэта зусім не азначае, што ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь, каб дагадзіць «пятай калоне» і апалагетам пілсудчыны, трэба выцягваць з небыцця незразумелую антынацыянальную псеўдатрадыцыю.

За ўсім гэтым стаяць усё тыя ж замежныя паліттэхнолагі і наша «пятая калона», якіх менш за ўсё цікавяць простыя беларусы, рускія, украінцы, англічане, амерыканцы, палякі і інш. Яны заклапочаныя выключна тым, каб уключыць Беларусь у сферу свайго геапалітычнага ўплыву, цяпер ўжо пасягнуўшы на асновы беларускай культуры – кірыліцу. Не сакрэт, што пэўным алігархічным групоўкам, якія носяць міжнародны характар і ўжо не прывязаныя да нейкай краіны, цікава накласці лапу на тыя аб'екты нерухомасці і прамысловай уласнасці, якая ёсць у Беларусі. А маргінальныя палітыкі проста лезуць у чаргу, каб абслужыць тыя ці іншыя геапалітычныя праекты. І тут выкарыстоўваюцца любыя метады, у тым ліку такія выбітныя, як нібыта клопат аб нацыянальнай самабытнасці беларусаў.

Вось і «змагаюцца ўпарта» асобныя колы за захаванне «беларускай лацінкі» ці, як прынята яе называць у народзе, «літар з закавыкамі». Ні якімі клопатамі пра турыстаў тут нават не пахне. Успомнім Чэмпіянат Еўропы па футболе ў 2012 годзе ў Кіеве, дзе не ўзнікала праблем з замежнымі гасцямі, таму што надпісы былі зробленыя на зразумелай транслітарацыі, і ніхто там не прыдумляў «традыцыйнай украінскай лацінкі».

Не будзем наіўнымі, польскі алфавіт у метро - гэта не выпадковасць, не недарэчны капрыз, а элемент свядомай палітыкі ціску на Беларусь. Польшча імкнецца ўсімі праўдамі і няпраўдамі ўмацоўваць у нашай краіне прапольскі і антырускі нацыяналізм. Менавіта ў Польшчы праходзяць навучанне дзесяткі беларускіх юнакоў і дзяўчат, якія адкрыта не любяць сваю беларускую дзяржаву. А вось чаму іх там вучаць і да чаго рыхтуюць – пытанне, якое застаецца адкрытым.

Автор: 
Віктар Нікалаеў
Номер газеты: 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
5 + 0 =
Решите эту простую математическую задачу и введите результат. Например, для 1+3, введите 4.