МІР І СТАБІЛЬНАСЦЬ НА БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛІ НЕ ПА ДУШЫ “ПЯТАЙ КАЛОНЕ”

Газета «Народная Воля» ад 2 чэрвеня 2015 года апублікавала артыкул Аляксандра Класкоўскага «Нашто нам чорны Ленін у жаночым паліто?». Спадар Класкоўскі, старанна адпрацоўваючы ганарар «замежных гаспадароў», разрадзіўся опусам, у якім счарніў не толькі ўсю гістарычную эпоху савецкай улады, але таксама не абышоў сваёй «увагай» палітычныя і эканамічныя працэсы ў суверэннай Беларусі за чвэрць стагоддзя.

Артыкул носіць не толькі антысавецкі характар, ён нясе ў сабе «міну запаволенага дзеяння». Яго мэта – не прыцягненне ўвагі да мадэлі паліто Уладзіміра Ільіча, а адкрыты заклік да змены сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сістэмы развіцця нашай краіны. Мір і стабільнасць на беларускай зямлі не па душы аўтару артыкула. Яго задача раскалоць грамадзянскую супольнасць, унесці ў масы хаос і палітычнае супрацьстаянне. Галоўная стаўка робіцца на змяненне мыслення ў грамадстве. Неабходна прызнаць, што ў нас ёсць нязначная маргінальная частка грамадства, якая гатовая перанесці «ўкраінскі сцэнар» на беларускую зямлю. Варта нагадаць, што Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 4 чэрвеня 2015, звяртаючыся да Парламенту сваёй краіны, заявіў, што камунізм неабходна «выветрываць з галавы», а 15 мая бягучага года ім быў падпісаны беспрэцэдэнтна жахлівы па сваёй сутнасці пакет законаў аб «дэкамунізацыі», які выклікаў глыбокае абурэнне ва ўсім цывілізаваным свеце. Несумненна, гэтыя законы яшчэ больш паглыбілі палітычны раскол ва ўкраінскім грамадстве. Але інакш і быць не магло, паколькі ўкраінскае палітычнае кіраўніцтва ставіла мэтай «вытруціць» са свядомасці свайго насельніцтва гістарычную памяць, навязаць празаходнія каштоўнасці і стварыць імідж ворага ў асобе рускага народа. Спадар Класкоўскі не толькі падтрымлівае ўкраінскі пакет законаў аб «дэкамунізацыі», але і заклікае беларускае грамадства гэтыя законы ўспрыняць як крок да «еўрапейскай сям'і», ігнаруючы нават рэакцыю на яго дэмакратычных сіл у Еўропе. На згубнасць для грамадскай свядомасці дадзенага пакета законаў паказвае прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ Дунья Міятавіч. Еўрапейскі палітык адзначыла, што «вышэйзгаданыя законы могуць пагражаць свабодзе слова ў краіне і прывесці да падаўленьня крытычна настроеных галасоў у грамадстве». Разам з тым, спадар Класкоўскі не жадае заўважаць адкрытых пратэстаў у Еўропе супраць гэтых законаў.
Нельга не сказаць і пра Леніна. Так, былі памылкі, але стваралася першая ў свеце сацыялістычная дзяржава без прыкладаў і аналагаў. Недапушчальна «маляваць» усё чорнымі фарбамі. Варта нагадаць спадару Класкоўскаму, што станаўленне беларускай дзяржаўнасці стала магчымым дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі і Савецкай уладзе. Права нацыі на самавызначэнне дала магчымасць ствараць нацыянальныя палітычныя інстытуты.
І яшчэ адно - ленінскі план развіцця сельскай гаспадаркі не меркаваў суцэльнай калектывізацыі. У сувязі з гэтым, спадару Класкоўскаму варта ўважліва прачытаць ленінскую тэарэтычную спадчыну, у прыватнасці, - працу Леніна «Аб кааперацыі». У гэтым артыкуле Уладзімір Ільіч падкрэслівае вялікае значэнне кааперацыі ва ўмовах шматукладнай эканомікі ў краіне з перавагай сялянскага насельніцтва. Ён паказвае, што кааперацыя дазваляе дасягнуць высокай ступені злучэння прыватнага гандлевага інтарэсу, праверкі і кантролю яго дзяржавай, высокай ступені падпарадкавання яго агульным інтарэсам, якія раней складалі камень спатыкнення для многіх і многіх сацыялістаў. Акрамя таго, кааперацыя дазваляе перайсці сялянству да сацыялізму больш простым і лёгкім шляхам.
У гады першых пяцігодак варта прызнаць, што таксама былі памылкі і перагібы, але да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Савецкі Саюз стаў індустрыяльнай дзяржавай. Больш за тое, выклікае глыбокае абурэнне, што спадар Класкоўскі толькі «чорнымі» фарбамі апісвае і перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Так, лета 1941 года было для ўсяго савецкага народа трагічным. Мы неслі велізарныя людскія страты, вораг імкліва прасоўваўся ўглыб тэрыторыі СССР - усё гэта было. Але галоўнае ў іншым - план «маланкавай» вайны гітлераўскай Германіі супраць СССР быў сарваны ўжо ў першыя месяцы ваеннага ліхалецця: гераічнай абаронай Брэста, Віцебска, Магілёва, Гомеля і г.д. А ў пачатку снежня 1941 года варожыя полчышчы Вермахта, якія ставілі мэтай захоп Масквы, былі сакрушальна разгромленыя. Міф аб непераможнасці фашысцкай Германіі і яе сатэлітаў быў развеяны. Варта нагадаць, што да нападу на Савецкі Саюз Германія і яе саюзнікі захапілі Польшчу, Бельгію, Галандыю, Данію, Нарвегію, акупавалі Францыю, краіны Балканскага паўвострава. Ваенна-эканамічны і людскі патэнцыял заваяваных дзяржаў быў пастаўлены на службу нацысцкай Германіі, але ворагу не ўдалося зламаць волю і дух савецкага народа. На жаль, наша родная Беларусь была акупаваная. Але з першых дзён на беларускай зямлі пачалі стварацца партызанскія атрады, камуністычнае і камсамольскае падполле. Увесь беларускі народ - дзеці, старыя, жанчыны ўсталі на абарону роднай зямлі. Былі і адшчапенцы, якія пайшлі на службу да захопнікаў, але іх была абсалютная меншасць, і прысуд ім вынесла ГІСТОРЫЯ.
Ішла вайна, і нельга не разумець, што з вызваленнем нашай Беларусі нацысцкая Германія не была разгромлена, і працягвалася ў цэлым Вялікая Айчынная і Другая сусветная вайна. Ключавы ўклад народаў Савецкага Саюза ў разгром нацысцкай Германіі і мілітарысцкай Японіі прызнаны ва ўсім свеце, як і палкаводчы талент савецкіх ваенных начальнікаў - маршалаў Жукава Г. К., Сакалоўскага В. Д., Якубоўскага І. І., Ракасоўскага К. К. і не толькі.
Пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкай акупацыі і пераможнага заканчэння Вялікай Айчыннай вайны беларусы разам з усім Савецкім Саюзам адбудоўвалі разбураныя гарады і вёскі, аднаўлялі эканоміку, адраджалі навуку і культуру.
Новыя выпрабаванні выпалі на долю ўсяго савецкага народа ў ліхія 90-я гады XX стагоддзя. Развал Савецкага Саюза паставіў на грань нацыянальнай катастрофы былыя рэспублікі СССР, у тым ліку і Беларусь. Новыя «гаспадары» гатовыя былі за пятак распрадаць нацыянальнае багацце. Новая дзяржаўная сімволіка - бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» - яшчэ больш пагоршыла палітычны раскол у беларускім грамадстве. Гэтыя сімвалы, пра якія так гаруе спадар Класкоўскі, безумоўна, не маглі быць прыняты пераважнай большасцю беларускага народа, паколькі яны з'яўляліся палітычным атрыбутам карных атрадаў на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Палітычная і эканамічная сітуацыя ў Беларусі пачала паступова стабілізавацца з выбраннем першым Прэзідэнтам краіны вялікага патрыёта, сумленнага і прыстойнага чалавека Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, а майскі рэферэндум 1995 года, пра які ў грэблівай форме дазваляе казаць спадар Класкоўскі, дазволіў зняць сур'ёзную напружанасць у грамадстве і стабілізаваць ўнутрыпалітычную сітуацыю. Больш за 75 адсоткаў насельніцтва сказала - «НЕ» бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня», а больш 83 адсоткаў сказала - «ТАК» рускай мове, як другой дзяржаўнай.
Узважаная, прадуманая унутраная і знешняя палітыка беларускага кіраўніцтва на чале з Аляксандрам Лукашэнкам дала магутны, забяспечаны дзяржаўнай падтрымкай імпульс для развіцця эканамічнага і навукова-тэхнічнага патэнцыялу.
На жаль, у цяперашні час сусветная эканоміка ўведзена ў бездань крызісу, які не абышоў бокам і Беларусь. Наша палітычнае кіраўніцтва робіць усё магчымае, каб не дапусціць сур'ёзнага спаду ў эканоміцы, ствараюцца максімальна спрыяльныя ўмовы для дынамічнага развіцця навукі, захоўваюцца ўсе базавыя сацыяльныя гарантыі. Мы ўпэўненыя, што эканамічныя праблемы часовыя, і яны будуць пераадолены. Таму Вам, спадар Класкоўскі, і Вашым аднадумцам не атрымаецца ўвесці беларускі народ у хаос. Дазволім сабе даць Вам параду: павучыцеся паліткарэктнасці ў адносінах да гісторыі сваёй краіны ў палякаў, у гісторыі якіх былі розныя перыяды. А Беларусь - можаце не сумнявацца - годна пераадолее часовыя эканамічныя праблемы і зойме пачэсны пасад на эканамічным і палітычным Алімпе сусветнай прасторы.

Автор: 
Мікалай Валовіч, сакратар Цэнтральнага Камітэту КПБ, Алена Сакалова, кандыдат гістарычных навук
Номер газеты: 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
8 + 6 =
Решите эту простую математическую задачу и введите результат. Например, для 1+3, введите 4.